Ж. Р.
Быў я наіўны і нясмелы.
Нібыта ў возеры ўначы,
Пяшчотна зорка зіхацела
На маладым тваім плячы.
Яе я вуснамі кранаўся,
I з палахлівай зоркай той,
Закрыўшы вочы, уздымаўся
Я па-над соннаю зямлёй.
Але красу начных ідылій
Гады няўзнак перамаглі,
Святло той зоркі пагасілі,
А мы не ўбачылі калі.
Мы не заўважылі, як сталі
Жыць і практычней, і прасцей,
Хоць і кахаем, як кахалі,
А можа, нават і мацней.
Ды ў гэтым ціхім апраўданні
Ёсць крышку жалю і віны,
Што нашы хмельныя світанні
Ўсе прамянялі мы на сны.
А ў небе і цяпер да золку
Глядзіць самотна па начах
У нашы вокны тая зорка
З бялюткага твайго пляча.
ДЗЯКУЙ ЗА ВЕРШ!
дзякуй за верш!