Нарадзіўся 28 лютага 1966 года ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і рабочых. У школе цікавіўся творчасццю Ясеніна, потым Андрэя Вазнясенскага, Якуба Коласа. У 1983 г. пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1984-1986). Зноў вучыўся ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 г. Сябра СП СССР з 1990 г.
З першымі вершамі выступіў у друку ў 1979 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Будзень» (1989). Пачаў журналісцкую дзейнасць у газеце "Будаўнік камунізму", якая цяпер называецца "Ляхавіцкі веснік". Пазней пачынае выдаваць прозу і творы для дзяцей. На пачатку 90-х гадоў напісаў вельмі шмат песень. Гэта быў пік працы Алеся Бадака як паэта-песенніка. На вершы аўтара складалі песні Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка, Алеся. У апошні час выступае ў перыядычным друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.