ЗВАНЫ — Б'ЮЦЬ!
Жахалі жудасна стронцыя стрэлы,
Плоймы агню — увысь, да нябёс.
Толькі нікога на свеце цэлым,
Хто змог бы паслаць адчайнае SOS!
Зямля жывая — жывой гарэла.
І той, хто ступіў на яе, — не знаў,
Што мірны атам — мёртвае цела —
З цела жывога душý смактаў.
Змог бы рэактар, шпурляючы плазму,
Ўсім даць адказ — за што і каму…
Толькі вось радыяцыйная спазма
Сціснула горла яму.
Быццам вампір ці якая пачвара,
Помсліва-злая ў істоце сваёй, —
Легла Чарнобыля чорная хмара
На Беларусі маёй.
Гэта не проста ад Бога кара
І абяцанае “аз уздам”…
…Той, хто прымусіць ісці да Анчара, —
Ведай: загіне і сам.
Час наш такі — бессардэчны, закляты.
Нават у страшнай бядзе
Не распазнаць — дзе ахвяры, дзе каты,
Грэшнік і праведнік дзе.
Ўсіх ураўняла гора часіна,
Ўсіх падмяла пад сваё крысо.
Маці ратуе ад смерці сына —
Ды не тупее смерці лязо.
І ці то ў роспачы, ці у адчаі
Ў свеце паўсюднай уладнай маны
Голасам гучным з краю да краю
Чуеш? — Чарнобыля б’юць званы.
А са святых алтароў і нішаў
Мала-памалу сыходзіць пыл…
Людзі! Няўжо мы адно напішам
Белай крывёю Чорную Быль?!