Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Зязюля, кажаш?

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Зязюля, кажаш? Не, не сустракаў,
Хадзіў па лесе доўга і гукаў,
Але дарэмна ўсё, такія птушкі:
Хоць погляду не бачныя іх вушкі,
Яны, вядома, дзесьці існуюць,
Таму, мяне пачуўшы, не пяюць.
Ці мала хто па лесе ходзіць ўпотай
З фотаружжом, ліхтарыкам і ў ботах?
Спужаў вавёрку свістам. Як на грэх,
Яна цягнула ў дупло арэх,
Той выслізнуў, загрукаў па галінках,
І бачыў потым я на фотаздымках
Яе трывожна-здзіўлены анфас.
Казаў застылы погляд: «Цур на Вас!»
Махнуўшы мне хвастом на развітанне,
Вавёрка знікла ў пошуках снядання.
Дарэчы, трапіў той арэх у мох,
І нехта ім пачаставацца мог:
Ці мышаня, ці асцярожны вожык.
А я хадзіў, збіраў грыбы ў кошык,
Кідаў у дрэвы па шпіёнскі нож…
Зязюля, кажаш? Не сустрэў, так што ж?
Па ўсім відаць, мне жыць належыць вечна.
Я ўсё ішоў. Гадзіннік недарэчна
Нагадваў мне «цік-так, пара-пара»,
Атакавала шыю машкара…
Я не жадаў ні іншай нейкай долі,
Ні шчасця хуткаспелага. У полі
Спыніўся, у далонь набраў пяску,
Прыслухаўся. Далёкае «Ку-Ку»
Пайшло лічыць гады не мне, камусьці.
Зязюля-птушка, можа, хопіць хлусіць?
11.12.2012