Стаміліся белыя коні і цёмнымі сталі ад поту,
Стаміліся бомы звінець пад дугою —
Матляліся ўжо неахвотна,
Ахрыпла іх песня — яна наглыталася пылу
I ўжо задыхалася ўся,
Калі варта рыплівую брычку спыніла.
Дзе кожнае кола візгліва жаданага дзёгцю
прасіла...
— Гэй, што ты вязеш праз граніцу? —
Чужая злавалася мова,
Пыталася варта сурова,
Шукала упарта ахова,
Шукала яна кантрабанду
У брычцы, як позняя восень, парожняй, —
He верыла,
Што праз граніцу парожнімі ездзіць можна.
— Дык што ты вязеш?
— Вы ж бачыце самі — нічога.
— А можа, схаваў што?
— Навошта? Пабойцеся Бога —
Вы бачыце ўсё, што са мною...
— Ясна адно, — галадранцы!
Ездзяць тут розныя швэнды, —
ахова ўжо стала злавацца. —
А можа, ты кнігі вязеш? Бо з Прагі тут нейкі
Скарына
Кнігі злаўчыўся вазіць на радзіму,
Якую чамусьці пакінуў.
— Кнігі?
Ад іх толькі зло...
Бэсцяць кнігі наш люд паспаліты...
— I ты супраць кніг, падарожны?!
Які малайчына, глядзі ты!
А ведаеш, думаю я, што прыйдзе часіна такая:
Нам скажуць Скарыну таго затрымаць,
I мы, будзь ты пэвен, яго затрымаем!
I кнігі тады мы яго
Папалім усюды ў краіне...
— Чакайце, а кнігі ж святыя, пра Бога...
Дык як жа паліць іх?..
— Павінен
Сказаць я табе, чалавеча,
Што ты — кацянятка сляпое:
Можна паліць і святое, калі нам загад ёсць на тое.
Ты знаеш, і Бога самога
Мы можам паслаць на спаленне,
Калі непрыдатным ён стане
Для нашага раптам малення...
Я веру, Скарыну таксама,
Касцёр наш падсобіць на неба —
Асудзяць яго на спаленне нашчадкі...
— Так яму, неслуху, й трэба!
— Ну, едзь, падарожны...
Чакай, а хто там сядзіць у фурманцы?
— Гэта ж фурман мой.
— Бач, з форсам катаюцца нават такія,
як ты, — галадранцы!
Ну, едзь — не мазоль нам вачэй...
Весялей зацілімкалі бомы,
Яны адпачылі крыху —
Дзе падзелася пыльная стома!
Спяшаўся дадому Скарына (а гэта быў ён —
вы пазналі?).
Коней сцябалі абое —
I «пан», і «фурман» коней гналі.
Глядзеў на «фурмана» з усмешкай Скарына —
Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам!
Бо гэты «фурман» — быў найлепшы друкар,
Украдзены ў караля самога.
Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома.
Цілімкалі
Весела
Бомы...