Угору і ўшыркі
ты ўпэўнена вырас,
у даль і ў нябёсы ўглядаешся пільна.
Спакойны,
як старасць сумленная,
Вільнюс,
ці як мы завём па-тутэйшаму —
Вільня...
He зрушыла з месца
ні часу навала
цябе,
ні бясконцая войнаў лавіна.
О, колькі стагоддзяў ужо святкавала
свае юбілеі гара Гедыміна!
Як часта цябе
на шыкоўныя карты
наносілі прагна ва ўзбуджаным стане
усе славалюбцы-тузы:
банапарты,
пыхлівыя кайзеры,
фюрэры-здані.
Іх раці назад адкаціліся ўсё-ткі
панура і моўчкі,
губляючы трэскі...
Пра гэта раскажуць
муры-аднагодкі,
усё гэта бачылі даўнія фрэскі.
Хоць вёсен тваіх адраілася многа
і тысячы лісцяў
з каштанаў упала,
здаецца, натхнёнага і маладога
на вузенькай вулцы
сустрэну Купалу.
З паглядам,
дзе мары вялікія спелі,
жаданні —
пасобіць айчыне хоць крышку,
каб ластаўкай
родныя словы запелі,
і родныя словы,
і першыя кніжкі.