Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Вашыя сябры тут!

Апошнiя водгукi

Участник конкурса «Интернет-премия» ТИБО-2010

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Наш банэр

vershy.ru - Вершы беларускiх паэтаў

Код банэра

Лічыльнікі

Мар'ян Дукса

duksa.jpg

Нарадзіўся 5 красавіка 1943 года ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1958-1960 гг. займаўся ў Свірскай навучальні механізацыі, закончыўшы яе, працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. У 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта і пачаў працаваць настаўнікам Сольскай сярэдняй школы ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці.

На старонках рэспубліканскай перыёдыкі выступае з вершамі з 1960 года. Выдаў вершаваныя зборнікі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц»(1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А.Куляшова (1990) за кнігу вершаў і паэм «Заснежаныя ягады».



Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

О, як гвалтоўна мы яго згубілі,
закінуўшы ў салёную пасцель...
На чорным дне, ва ўсемагутным іле
спіць самы грандыёзны карабель.

He варухнецца больш каркас вялікі,
наўрад ён ці ўсплыве наверх, як кіт,
усёй абшыўкай увабраўшы крыкі,
бяссільны енк, апошні плач наўзрыд.

Хто выцягне яго на бераг плыткі?
Калі ж выратавальніка свайго
убачыць ён і залатыя зліткі,
што, кажуць, ёсць у чэраве яго?

Прыплыў той ноччу айсберг кантрабандай
сюды — ў цяплейшых водах пагасціць...
Усё-ткі за расслабленасць каманды
якой цаной прыйшлося заплаціць!

Настала непазбежная расплата —
прычыннай гібель бачыцца здаля...
А раптам не на айсберг — на вар'ята
наткнешся ты, любімая Зямля?

Уздымуцца ўгару агонь і сажа,
заб'ецца акіян з апошніх сіл.
I ў рэшце рэшт усё жывое ляжа
калі не ў іл, дык у касмічны пыл.

Пакуль яшчэ так сонечна ў зеніце,
пакуль спяваюць птушкі на галлі,
глядзіце, людзі, навакол глядзіце,
ці так плыве наш карабель Зямлі.



Сярэдняя: 4.9 (9 галасоў)

Угору і ўшыркі
ты ўпэўнена вырас,
у даль і ў нябёсы ўглядаешся пільна.
Спакойны,
як старасць сумленная,
Вільнюс,
ці як мы завём па-тутэйшаму —
Вільня...
He зрушыла з месца
ні часу навала
цябе,
ні бясконцая войнаў лавіна.
О, колькі стагоддзяў ужо святкавала
свае юбілеі гара Гедыміна!
Як часта цябе
на шыкоўныя карты
наносілі прагна ва ўзбуджаным стане
усе славалюбцы-тузы:
банапарты,
пыхлівыя кайзеры,
фюрэры-здані.
Іх раці назад адкаціліся ўсё-ткі
панура і моўчкі,
губляючы трэскі...
Пра гэта раскажуць
муры-аднагодкі,
усё гэта бачылі даўнія фрэскі.
Хоць вёсен тваіх адраілася многа
і тысячы лісцяў
з каштанаў упала,
здаецца, натхнёнага і маладога
на вузенькай вулцы
сустрэну Купалу.
З паглядам,
дзе мары вялікія спелі,
жаданні —
пасобіць айчыне хоць крышку,
каб ластаўкай
родныя словы запелі,
і родныя словы,
і першыя кніжкі.



Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

Ці святкаваць свой першы перавал?
Якое ззянне кветкавай даліны!
На жаль, свабоднай ні адной хвіліны.
Раскоша легкадумная — прывал.
He лёс яшчэ — шматлікія цагліны.

Быў сонечнай размінкаю урок,
гайдалі сэрца калыханкі-кніжкі.
Жаданая цяпер не перадышка —
у новы дзень спружыністы рывок,
дзе зорны дождж і помслівыя шышкі.

Гарыць юнацтва меданосны сад,
дзе так бунтоўна спее паўналецце,
кіпіць між лісця захмялелы вецер.
Hi кропелькі не верыцца, што град
дзіцячых мрояў пасячэ суквецце.

У вузел пругкі волю завязаць,
спаліць былую маску шалапута,
напружыцца і развярнуцца крута
і хоць бы сабе прыступам узяць
у рэшце рэшт пагорак інстытута.

Своечасова стрэціць у жыцці
чыю-небудзь спагаду ці апеку —
за ўдачай мройнай гнацца, як па трэку.
Ці ўдасца толькі з поспехам прайсці
па конкурсу на званне чалавека?



Пералік аўтараў