Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1954

Сярэдняя: 4.1 (132 галасоў)

Адгрымела ноччу навальніца,
Птушак пазванчэлі галасы,
I пяюць на сто ладоў сініцы —
Упіліся, пэўна, ад расы.

На ялінах росных зор мільярды,
Дурнап'яну гаркаваты пах.
I арэхаў наліўныя ядры
Хрумстаюць так смачна на зубах...

Ён адшастаў ценісты арэшнік,
Змок увесь, але знайшоў, знайшоў —
З думкай пра яе, зусім нягрэшнай, —
Пару запаветных спарышоў.

Хоць ніколі ў прымхі ён не верыў,
Проста для забавы ўзяў, а ўсё ж,
Калі стукнуў да яе у дзверы,
Скаланула радасная дрож.

У яе пакоі — вокны насцеж,
I сама, як раніца, была.
«На, вазьмі сабе спарыш на шчасце...»
Ціха засмяялася, ўзяла.

Узяла і тут жа раскусіла:
«Дзякую, браточак, шчасце ёсць!»
На вяселле хлопца запрасіла:
«Будзеш у мяне найлепшы госць!»

Не, не быў ён госцем на вяселлі.
Па начных дарогах, без дарог
Ён хадзіў ля пожняў і аселіц,
Боль хацеў развеяць і не мог.

А праз год яна яго спаткала
Выпадкова.
Ці то ён яе...
Ля вачэй — маршчынкі...
Шчасця мала:
Муж — гультай, бадзяецца ды п'е.

Прызнавацца сорамна і горка.
«Як тады аслепнуць я магла?
— Сумным жартам скончыла гаворку:
Шкода, што спарыш не зберагла».

Вось і ўся гісторыя...
А можа
Гэта толькі першая з дарог?
Нездарма яе так устрывожыў
Ціхі сказ хлапца: «А я збярог».



Яшчэ не ацэнена
Ні шторму, ні буры тады не было,
Калі нарадзіўся я ў Таліне.
Звычайнае сонца звычайна ўзышло
Пасля гадзіны світальнай.

А недзе на поўдні стагнала вайна,
Мой бацька ужо на вайне быў.
Рабочы барак. У пакоі ў нас
Апошні кавалачак хлеба.

І думала маці, напэўна, тады,
А як жа мяне данесці
Да роднае беднае вёскі, туды,
Дзе можна хоць бульбы пад'есці.

I плакала маці тужліва ў той час
Аб мінскай далёкай старонцы...
Пад вечар зайшлі у пакойчык да нас
Сябры майго бацькі — эстонцы.

Сказалі: «Паслаў нас адведаць народ»,
Суровыя твары схілілі,
Адобрылі моўчкі ў жыццё мой прыход
І крышку мяне пахвалілі.

Тады быў трывожны семнаццаты год.
Запалі з нішчымніцы вочы.
«Хоць нашая праца
                                 на верфях не мёд, —
Хай будзе сумленным рабочым».

Як маці сцвярджае, і я не маўчаў,
Зайшоўся ад радасці плачам,
Сваё нараджэнне як мог адзначаў,
Хаця шчэ нічога не бачыў.

Не бачыў, як будаўнікі караблёў
Пакінулі шапку у хаце 
Паўнюткую грошай, пацёртых рублёў,
Што ў цэху сабралі для маці...

Я славіў каханне, паходы, баі,
Гарачае роднае сонца.
Хай будзе ж праслаўлена вершам маім
I простая шапка эстонца.