Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць

Подробное описание Земельные участки тут.

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1906

Сярэдняя: 4.3 (32 галасоў)

 

Вы кажаце: надта пяю я нявесела,

Пацехаў нiякiх не бачу ў людзей...

Пакiньце смяяцца! Вас праўда не ўсцешыла,

Няпраўды ж не знаю ў душы я сваей.

 

Як пеў я дагэтуль, так пець не сцураюся,

Жальбою маркоцячы песню сваю;

Я ў долю народа свайго узiраюся

I толькi аб гэтым для вас тут пяю.

 

Няхай свет пазнае ўсе песнi бяздольнiка,

Хай вораг-мучыцель дрыжыць з праўды слоў,

Быць вольным хай родзяцца думкi ў нявольнiка,

Хай быць чалавекам захоча брат мой.



Сярэдняя: 4.4 (360 галасоў)

Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей не мерзне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.

Рэчкі бурлівыя, ўчора санлівыя,
Сёння усталі, плывуць і бурляць;
Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца,
К небу прыветна з вадзіцы глядзяць.

Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,
Радасна песні зайгралі свае;
Лісці зашасталі, птушкі зачыркалі,
Свішча салоўка, і дзяцел клюе.

Поле травіцаю сочнай адзелася,
Выйшла скацінка і дружна скубе,
Каля скацінкі падпасвіч з жалейкаю
Хадзіць навокал ды йграе сабе.

Грай, грай, жалеечка! Грай, грай, вясёлая!
Выйграй з вясною і долечку мне;
З пушчаю, з птушкамі, з вольнымі ветрамі
Грай мне аб шчасці, грай аб вясне!



Сярэдняя: 4.4 (252 галасоў)

Я буду маліцца і сэрцам і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Я буду маліцца да яснага сонейка,
Няшчасных зімой саграваць сірацін,
Прыветна па збожных гуляючы гонейках,
Часцей заглядаці да цёмных хацін.

Я буду малiцца да хмараў з грымотамi,
Што дзiка над намi гуляюць не раз,
Каб жаль над гаротнымi мелi бяднотамi,
Градоў, перуноў не ссылалi падчас.

Я буду малiцца да зорак i жалiцца,
Што гасяць сябе надта часта яны,
Бо чуў, як якая з неба з iх звалiцца,
З жыцця хтось сыходзе на вечныя сны.

Я буду малiцца да нiвы ўсёй сiлаю,
Каб лепшаю ўродай плацiла за труд,
Збагацiла сельскую хату пахiлую,
Надзеi збытымi убачыў наш люд.

Я буду маліцца і сэрцам і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.



Сярэдняя: 4.9 (21 голас)

 

Не глядзі на мяне, не глядзі, адыдзі,

Не чаруй так сабой і наяве, і ў сне!

Ты смяешся з мяне… Дык ідзі ж, не глядзі,

Бо замучыш, загубіш навекі мяне!

 

Погляд вочай тваіх душу змучыў маю, -

Праз яго я сябе не змагу аніяк:

То я рвуся к табе, то, як слуп той, стаю,

То жалею цябе, то кляну горка так.

 

Ты ж не любіш мяне, ты шукаеш другіх,

Туды пнешся, дзе звоняць дукаты, рублі…

А што я табе дам? Я ж бядней ад усіх,

У бадзянні цяжкім жывучы на зямлі.

 

Бедзен я, дык чым я за цябе заплачу?

Знаю – мала табе душы, сэрца майго:

Ты за грошы сябе прадасі панічу, -

Будзеш блізкай яму, будзеш жонкай яго.

 

Будзеш паняй ты жыць: смачна есць, доўга спаць,

Шапкі будзе знімаць прад табою народ,

А я буду цярпець і свой дзень праклінаць,

Праклінаць і цябе, і твой гэты паглёд.

 

Дык ідзі, не глядзі! Я баюся цябе;

Не мая ты цяпер і не будзеш маей.

Дык ідзі, бо загубіш мяне і сябе,

Бо кіпіць мая кроў, сэрца рвецца з грудзей!