Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Масей Сяднёў

Нарадзіўся 1 верасня 1915 г. у вёсцы Мокрае Клімавіцкага павета Магілёўскай губерніі (цяпер Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся у Мокраўскай пачатковай школе і Саматэвіцкай сямігодцы. У 1930-191 гг. вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме, які пакінуў, бо бацькі не маглі дапамагаць яму матэрыяльна. Вярнуўся на родную вёску, дзе працаваў у школе. У 1932г. паступае на другі курс Менскага педагагічнага тэхнікума імя Ус. Ігнатоўскага. Праз год паступае ў Менскі вышэйшы педагагічны інстытут на літаратурны факультэт, дзе правучыўся 3 гады.

У кастрычніку 1936 г. быў арыштаваны і пазней асуджаны на 6 гадоў па абвінавачванін ў нацдэмаўшчыне. Быў сасланы на Калыму. У 1940 г. М. Сяднёва прывозяць у Мінск на паўторнае следства. Яно цягнецца 8 месяцаў. Увесь гэты час ён знаходзіцца ў турме на Валадарскага. Пачалася ІІ Сусветная вайна і Сяднёў пры першай магчымасці ўцякае. Ён вяртаецца ў вёску да бацькоў, працуе на гаспадарцы. У 1943 г. едзе ў Беласток, дзе падрыхтаваў да выдання зборнік вершаў “Ад сына твайго, Беларусь”. Набор зборніка згарэў у пажары ў Кёнігсбергу. Затым пераяжджае ў Нямеччыну. Некалькі гадоў жыў ў лагерах для дэпартаваных асоб у Германіі: Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Бакнанзе. Выкладае беларускую мову ў гімназіі імя Я. Купалы ў Міхельсдорфе і займаецца самаадукацыяй. З 1947 г. М. Сяднёў працуе ў рэдакцыі газеты “Беларускае слова”. З Бакнангу ў 1950 г. адпраўляецца ў ЗША, дзе 8 гадоў працуе чорнарабочым на фабрыцы ў г. Саут-Рывер (штат Нью-Джэрсі), потым жыве ў штаце Індыяна. Тут ён выкладае рускую мову ў Індыянскім універсітэце і паралельна вучыцца (1959-1968). У 1967 г. быў прыняты на работу ва ўніверсітэт штата Мантана, але там не працаваў. У гэтым жа годзе атрымлівае ступень магістра па рускай літаратуры за навуковыя працы: “Агляд рускай літаратуры”, “Чэхаў як драматург”, “Філасофскія адхіленні ў рамане Л. Талстога “Вайна і мір” (на рускай мове). Яму прысвойваецца званне “асістэнт-прафесар”. У 1968-1983 гг. жыве і працуе ў Мюнхене галоўным рэдактарам радыёстанцыі “Свабода”. У 1983 г. выходзіць на пенсію і вяртаецца ў ЗША. З 1984 г. па 1988 г. выкладае ў Норвігскім універсітэце (штат Вермонт). Пасля жыў у г. Глен Коў (штат Нью-Йорк).

Вершы пачаў пісаць у чацвёртым класе. У 1934 г. у часопісе “Полымя” з’яўляюцца першыя вершы М. Сяднёва. У 1936 г. некалькі вершаў паэта публікаваліся ў зборніку пачынаючых паэтаў “Аднагодкі”, які рэдагавалі К. Чорны, М. Хведаровіч, П. Глебка. Аўтар зборнікаў вершаў “У акіяне ночы” (1946), “Цень Янкі Купалы” (1947), “Спадзяванні” (1948). Друкавалі яго вершы і ў эміграцыйных часопісах “Новы шлях”, газеце “Раніца”, “Новая дарога”, “Беларускі работнік”. У ЗША выходзяць зборнікі вершаў “Ля заходняй брамы” (1956), “Патушаныя зоры” (1975), “Ачышчэнне агнём” (1985), “А часу больш, чым вечнасць” (1989), а таксама раманы “Раман Корзюк” (1985), “І той дзень надыйшоў” (1987).

sednev-s.jpeg


Сярэдняя: 4.8 (8 галасоў)

Даўно агні патухлі ў вокнах.
Усёй мітусні наперакор
спакойна месяц мёртвым вокам
глядзіць на наш спакойны двор.

Як будучыня, нейкая дзяўчына
стаяла, гордая сабой, ў акне.
Глядзела сумнымі крыху вачыма
і ўсміхалася… магчыма, і не мне.

Даўно паснулі ўсе, як камні,
а мне не спіцца. Што ж,
мне сніцца, як яна рукамі
з акна лавіла дождж.



Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)

Да кляштару замкнута брама:
"Забараняецца ўваход".
Яна ж дазволу і не брала —
размаляваны рот.

З пярэдняй кішані дастала
ёй паслухмяныя ключы.
Паходкай царственнаю, аднастайнай
за брамай знікла уначы.

Глядзеў услед яшчэ ёй доўга —
дрыжэла ў галаве імгла.
Шкада — не быў я тым бульдогам,
з якім ты ў браму увайшла.



Сярэдняя: 5 (9 галасоў)

Трывогай адазвалася сягоння:
як можа чалавек вякамі
глядзець на распасцёртыя далоні,
прабітыя наскрозь цвікамі?

Праходзіць міма з лёгкім сэрцам?
А Ён, як быццам нейкі Найміт,
распяты на крыжы, праз цэлыя сталецці
усё крывавіцца прад намі.

Зірнеце толькі на пакуты
і на цярпенні ў твары Божым:
цвікамі да крыжа прыкуты,
ні рук, ні ног Ён вызваліць не можа.

Як самы вінаваты з вінаватых,
пакут не можа збыцца Ён нязмерных,
Ён, што лячыў сляпых і беснаватых,
Ён, што ускрос із мёртвых.

...Прыйшоў я да Цябе сягоння
не дакранацца ран Тваіх рукамі,
а ціха цалаваць Твае далоні,
прабітыя наскрозь цвікамі.