|
Павел Дарохін
Вецер жыве ў бляшанках з-пад колы
Чысціць сківіцы вуліц ад бруду
Ад кавалачкаў ежы, у вузкіх колах
Вядомых пад вычарпальным назовам “людзі”
Задзьме ён – і ўсе дзірванеюць, бы пудзілы
Будаваць пачынаюць, хто – мур, хто – млын
Мне ж спраў усяго, што замкнуцца ў "худзі"
І дрэва не ссек, і каменне згубіў
Каб выжыць, варта вучыцца плаваць
На час у глыбіні, на час на абшар
І ў момант, калі ўжо зажыва смажаць
Вуду мне цягне разумнік-мысляр
Каб выжыць, варта вучыцца лётаць
Калі разгойсалі сябры ў двары
Арэлі дурэюць, раскідваюць боты
На час – долу, потым на час – дагары
Адныя халодныя, спаталяюць смагу
Другія гарачыя, грэюць косці
А трэція цёплыя бы мінералка
Такіх зручна запрашаць у госці
Не апаліць скуры, не застудзіць горла
Усё гэта мела б значэнне, але
Бы гумкай усе ўспаміны сцёрла
Калі ты ўжо не баржом, а алей
Каб змазваць арэлі й смажыць шчупакоў
І не трэба тады ні муроў, ні млыноў
Аблізвае дахі дамоў-зубоў
Вецер, які жыве ў бляшанках з-пад колы
Чакаць у лазніцы наўпрост на душ гарачы
Зафіксавацца ў галалёд на тыдні два
Смяяцца там, дзе нармалёва мовяць плачам
Дратам у ЛЭП адно прызначана - трываць
У раздражненні злы гулец раскруціць кола
Ці то рулетка, кулямётны магазін
Гараць тарфянікі, фарбуюць новы золак
Гульня вясёлая, лічы: тры, два, адзін
Такая справа, грыф сакрэтна і дарэчы
Паабяцаў між зморшчын вечнасці згубіць
На вечар страва дачакаецца ў печы
Распраўце плечы, скамянелы трылабіт
Рабі сюжэты, каб зайграла ўсё цікава
Схаваўся ў прыцемках тваіх блакітны кот
У надбудовах, што на палях ці падставах
Гняздо віе той лабірынт сярод балот
Халодны душ амые стан агіткай гідкай
У дзень адзін з тых дзевяноста без ападкаў
Пад лёдам кветкі, пазнаю свае адбіткі
Увачавідкі, цвёрда звонку, далей - мякка
Выпадкова рукаў акунаю ў каву, верагодна, я сённяшняй ноччу не спаў
Маршруткі-ложкі, будзьце ласкавыя, Керуак пра такое зусім не пісаў
Памылкова лічыць, што пад коўдрамі іншых літаральна адлегласці скоцяцца ў час
Срэбра ночы схавае, збянтэжыць і знішчыць, бо агульная ніша, ды іншы клас
Там рака падзяляе на існасць і вільгаць, камяніцы глядзяць, ім справы няма
Іх вачніцы аднойчы газэты зачыняць, я йду, ці то брама, ці зноў сцяна
І не іхтыязаўр, толькі рыба ў лужыне, на аблогу не здольны, адно - шпацыр
Праваліся асфальт праз такую мужнасць, хоць у пляшках портэр, ды не кефір
Я прысніў гібрыд браняносца з ляніўцам, у адным з прыпынкаў, дзе лёг маршрут
І хто яго вёў – не разгледзеў быццам, растварыўся сон, йду цяпер і тут
Уздымай каўнер, не такое і лета, і не сутнастна гэта, што ў горле вада
І маўчы пра свае й чужыя сакрэты, сам сагрэты, ці здольны цяпла аддаць?
Адгукнуцца ў абшары шары амелаў, маюць ежу сваю ад чужых каранёў
Вечар добры, сёстры, - шапчу ашалела, дайце мне далучыцца, напіцца б зноў
Ён паказвае месцы, з кімсьці звязаныя, што і надалей будуць мець кантэкст
Буду складваць у думках пярэсты дыван, каб аднойчы прайсці суцяшальны тэст
У яго свае справы, мроі, вершы і словы, адмысловы вопыт, ды каго не міне?
Мапа ў дроце, на постэры расчараваны ў сансары Боб і малюнкі дачкі на сцяне
Малюнкі выставы, мёртвыя рэчы стагоддзяў былых і чужых людзей
Бутэлька ў заплечніку, у вокны сонца святло на шкло так няўдала кладзе
Мінаюць гадзіны, ўжо ў іншай прасторы, я гляджуся ў крывавае люстра баршчу
Уважліва слухаю, перадача фонам, і, здаецца, не чую, пра што кажу
Зноў бегчы з кватэры ў кватэру марудна, бадзяцца па парках, на катэр глядзець
Пад дождж не патрапіў, хоць трэба, бо брудны, хвіліну з хвілінаю дзень прадзе
Ды з чаго я шчаслівы такі, ягамосьці, перасоўванняў у хранатопе чакаць
Нехта спіць на плячы, і не нехта, а хтосьці даўно, і не тут мне пра гэта пісаць
З чатырнаццатай і да семнаццатай зноў адсачыць траекторыю наадварот
Падарожжа ў нікуды з нікуды, хаваецца ў дробязяў водах адвечны ход.
З дзяцінства не любіў куты
Імжа асела на палетках
Бы шкло ўпэўненасці ў тым
Я Янка Маўр тваіх шкарпэтак
Імжа асела на палі
Іржа пад'ела пісталеты
Раскінуў рукі на раллі
Як Янка Маўр тваіх шкарпэтак
Там будзеш моўчкі і зусім
Няма тых болей красак-кветак
Калі разыйдзецца кілім
Бо Янка Маўр тваіх шкарпэтак
Сукенкі студня праглыне
Сем плыняў слоў, благіх таблетак
Што смажань, доўжыцца ў труне
Ды Янка Маўр тваіх шкарпэтак
Ахвяраў волі прагне ён
У інтэр'ер прыгожай клеткі
Заробкаў восені праклён
Зноў Янка Маўр тваіх шкарпэтак
Далей сцэнар - трываць у сне
На дне ў глеі так і гэтак
Згубіў штаны, ды не свае
Твой Янка Маўр чужых шкарпэтак
|