Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Раман Тармола-Мірскі

Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

На лапах трох скакаў сабака
З такой пакутай на вачах...
Слёз не было, а позірк плакаў.
Не білі больш, а ён крычаў.
Ён прыпыняўся, азіраўся,
Залашчваў і залізваў боль.
І лапа зноўку валаклася
І валакла боль за сабой.
Яна вісела, як пытальнік...
Двухногія не раз, не два
Услед глядзелі спачувальна,
А ім - трохлапы спачуваў...
Не скардзіўся ён Чалавеку,
Ды чулі ўсе ягоны ўздых:
Якім патрэбна быць калекам,
Каб пакалечыць так другіх.
І аб'ядноўвала ўсіх гора.
Хаця ўсе розныя... Хаця
У кожнага свая апора,
Калі пакуты боль працяў.

Верш з зборніка паэзіі "Прычасце" (2000)



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Зоркi ў небе вясной карагодзiлi.
Я к табе на спатканне ляцеў.
Нада мной твае вочы ўзыходзiлi
I рабiлася ноч карацей.
I рабiлася ночка вiдушчаю,
Хоць ты пацеркi росаў збiрай,
Ад тваiх ад вачэй незаплюшчаных
Пачынаўся жыцця небакрай.
Шчасце, дзе ты? На чым спатыкнулася?
Абгавор нас развёў? Загавор?
Ты чаму да мяне не памкнулася?
Нада мной нi вачэй больш, нi зор.
Што было – адплыло... Не паўторыцца.
Вечны боль адно мучае ў сне:
Па начам шызакрылая горлiца
Б’ецца крыламi ў белым акне.
За якiмi, скажы, краявiдамi
Ты знайшла для душы супакой,
Што зрабiла з жаночаю крыўдаю,
Дзе пярсцёнак ты кінула мой?
Цi з высокае кручы над Неманам,
Цi ў бяздонне сардэчнай журбы?
Божа мiлы, як трэба не многа нам
Закахацца каб… i разлюбiць.

Зборнік "Прычасце" 2000 год.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Яны прыходзяць са слязамі
Альбо са смехам сярод слёз.
Не верце, што радкі вазамі
Вывозіць з ночы творца-бос.
У час тварэння ён падлетак,
І ад збалелае душы
Сто раз ён стопча свой палетак,
Гукне сабе: "Лепш не пішы!"
І - вернецца сляпым прарокам,
Каб углядацца ў сэрцы зноў,
Бо ён падключаны да току
І родных душ... І родных слоў