Значнеюць абрысы вежаў
у ціхім чаканні ранка.
Гуляе вятрыска свежы
ў байніцах старога замка.
Муры застудзілі грудзі
ў глухіх лабірынтах часу.
Зрэдзьчас успамін ім будзіць
мінуўшчыны дух прыўкрасны.
Бурштыны на нітках мрояў
загояць каменню раны,
і… заварушацца воі
раптоўна ля вежы-брамы.
Заскача святло паходняў
па рэбрах каваных кратаў
дый узляціць па сходнях
на выдыху, зухавата.
Тады затуруе рэха
тым полыскам непакоры,
шчаслівым дзіцячым смехам
асыплюцца з неба зоры.
І першы нясмелы промень
кранецца старых цаглінаў,
абрушваючы ў прадонне
карункавасць успамінаў.
…Значнеюць абрысы вежаў
прасветленым тварам ранка.
Гуляе вятрыска свежы
ў байніцах старога замка.