Ізноў мне не спіцца...
Што гэта такое?
Душа-шаляніца
Дзяўбе неспакоем.
Сляпая ж, здаецца,
Ды глуханямая,
А беднае сэрца
Назолай праймае.
Трымаецца строга
Няўмольнай суддзёю
І голасам Бога
Гаворыць са мною:
Ўпікае за штосьці –
І зноў паглядае:
Якая я ў злосці,
У страсці якая.
Ускрыўшы рашуча
Мае недахопы,
Належнаму вучыць
На мове Эзопа.
І што ні пытанне,
Пачуцці турбуе:
Ці маю каханне?
Ці светла жыву я?
Ці там я і тое
Збіраю багацце –
Істотай святою –
Жанчынай і маці?
Ці сэрцам сваім
Саграваю кагосьці,
Спяваючы гімн
Мілаце й прыгажосці?
І гэтак, дурніца,
Амаль да світання…
Заснуць бы… Не спіцца…
Няма ратавання…
14.03.2012