Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

сумленне

Сярэдняя: 3.5 (6 галасоў)

Ізноў мне не спіцца...
Што гэта такое?
Душа-шаляніца
Дзяўбе неспакоем.

Сляпая ж, здаецца,
Ды глуханямая,
А беднае сэрца
Назолай праймае.

Трымаецца строга
Няўмольнай суддзёю
І голасам Бога
Гаворыць са мною:

Ўпікае за штосьці –
І зноў паглядае:
Якая я ў злосці,
У страсці якая.

Ускрыўшы рашуча
Мае недахопы,
Належнаму вучыць
На мове Эзопа.

І што ні пытанне,
Пачуцці турбуе:
Ці маю каханне?
Ці светла жыву я?

Ці там я і тое
Збіраю багацце –
Істотай святою –
Жанчынай і маці?

Ці сэрцам сваім
Саграваю кагосьці,
Спяваючы гімн
Мілаце й прыгажосці?

І гэтак, дурніца,
Амаль да світання…
Заснуць бы… Не спіцца…
Няма ратавання…

14.03.2012



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Недасканалая істота
жытло здымае ува мне.
і так кіруе мной употай,
што ўсё жыццё па-свойму гне.

Хоць не даюся я, пракуда
у кожнай справе, кожны міг
суе даўжэнны нос усюды
і распускае свой язык.

Хаця ўсяго-ткі кватаранка,
а гаспадарыць – хоць крычы:
як пачынае звягу зранку,
так і пілуе да начы.

Дае бясплатныя парады –
што можна мне, а што – ні-ні
і пільна кідае пагляды
на свет мой знешні з глыбіні.

Бывае так, што ледзь не плачу
з-за нейкай болькі, а яна
з мяне страсае справаздачу,
і што не так – мая віна.

А ноччу ў бок мяне штурхае –
ці быль абдумваю сваю,
ці, бессаромная такая,
ужо даўно салодка сплю.

Вось так і мучымся мы з ёю:
хаця агульны маем дах,
я з недарэкаю сваёю
амаль штодзённа “на нажах”.

Магчыма, Бог таго жадае,
каб кожны з нас анёлам стаў.
ды як магчыма рэч такая,
калі ўнутры – не ідэал?!

12.01.2013



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Пакаемся, брат!
У слязах спавядаем грахі!
Якія грахі?
А такія, што смеццем і хлудам
ляжаць на душы,
назбіраныя ў плоці мяхі.
Пакаемся!
Як...
у маленстве:
"Я болей не буду!"

Прыпомнім усё,
што калісь нарабіла бяды —
наўмысна,
як зло асазнанае,
ці
выпадкова.
Адмовілі ў хлебе галоднаму,
ў шклянцы вады?
Працялі...
учынкам няміласным?
Поглядам, словам?

Ці думкамі ўласнымі
(Рэўнасці? Крыўды? Злабы?
Нянавісці? Сквапнасці? Зайздрасці?
Іншай "дурноты"?)
змянілі сусвет
да таго, што цяпер:
"Эх, кабы...
Кабы ўсё — назад?"
А сябе памяняць — неахвота.

А можа, паднеслі цыкуту
ў адказ на любоў?
Прымусілі піць,
смеючыся на "ляпам" даверу?
Альбо перад кімсьці
зняможаным
(Грукае? Зноў?)
без слоў зачынілі свае
"дабрадзейныя"
дзверы?

Пакаемся ў тым,
што замецена пылам даўно
і ў тым, што дагэтуль
гарыць
незагоенай ранай.
Ад многіх пакут на зямлі
ратаванне адно:
раскаянне.
Бог...
не сячэ галавы пакаяннай!

Зманілі і здрадзілі?
Горай? Схілілі на... "жуд"?
І збіўшы, адкінулі ў гразь —
паміраць на дарозе?
Цяпер вось не спіцца?
І шчэміць, і ные —
вось тут?
Дыягназ вядомы:
ўся справа — ў грахоў перадозе.

Тут, як ні хавайся,
сумленне спакою не дасць.
Не сёння, дык заўтра,
зацісне і... скончыць "лячэнне".
Адзінае выйсце —
жахнуцца: "Ці я — гэта? Жарсць!"
і каяцца,
каяцца
і...
і прасіць прабачэння.

Ратуйма!
Хутчэй!
Не марудзячы!
Зманлівы час
уранні вітае, а ноччу...
без жалю праводзіць.
Хто ведае месца,
куды ён рассейвае нас?
Пакайся!
Сягоння!
Скажы невыноснаму: "Годзе!"

І слёз не хавай.
Не саромейся: слёзы — не бруд
і не слабінА — размягчэлага сэрца вадзіца,
а Божыя росы,
якія ад "лЮдскіх" пакут
душу вызваляюць.
Ім ТРЭБА...
струменем...
праліцца...



Сярэдняя: 3.8 (4 галасоў)

Празарлівае вока — сумленне маё —
не пятак — а на шчасце ў кішэнi нашу.
Зтуль яно наглядае: што так, што не так,
і за ўсё, як суддзя, вінаваціць душу.

Угрызае за дробязі, б'е ў дзве рукі.
За нязначнае шчокі чырвоніць мае.
А за іншыя промахі, за крупнякі,
лупіць скалкай і ноччу заснуць не дае.

А бывае, разойдзецца — не ўгаманіць —
"адшліфоўвае" пугай нутро і партрэт.
А пасля на змарнелае цыкае: "Цыц!"
І надкусаным пернікам кідае ўслед.

А калі, раззлаваўшыся, выкіну прэч,
гэта ліха за мной наўздагон, нібы цень,
то ляціць, то бяжыць, то паўзе (ну і рэч!)
І вось так ад світанка да ночкі — штодзень.

Ну а вы? Не сумуецца вам са сваім?
Мо згубілі надысь? Выпадкова? Ці не?
А жадаеце... я падзялюся.. маім?
Хай яно вас дацяне — і сум ваш міне!

Пачакайце, вось выму "з шырокіх штанін"...
О, мабільны... І паспарт... Ключы... І бабло...
А сумленне дзе дзелася? Мацаю... Блін!
Далібог, адпачыць да кагосьці сышло!

9.08.2019