Асыпаецца спелае лісце,
Карагодзячы думкі мае –
Што й мяне мая восень калісьці
Халадэчай апошняй кране.
Што і я мушу так адарвацца
Ад уласнага дрэва жыцця,
І зляцець, і ў паветры матляцца,
І шукаць існавання працяг.
Удыхаць пах асенняга тлення –
Горкі водар знямелай тугі,
І не мець ад самоты збаўлення,
Пакідаючы дом дарагі.
Ды, сыходзячы прахам да праху,
Узнімаць вольны дух да вышынь,
Нібы голуба - Божую птаху -
У нябесную, звонкую сінь…
5.10. 2011