Ах, Божа мілы, як жа жыць, скажы,
Калі наўкола поўзаюць вужы,
Калі замест людзей стаяць крыжы?!
Ах, Божа мілы, як жа жыць, скажы…
Як песні пець, як услаўляць Цябе,
Калі паўсюдна ў нашай старане
Казаць не скончыў – як ужо ў турме?!
Як песні пець, як услаўляць Цябе…
Ах, Божа мілы, як жа можна жыць,
Калі баішся ты наступным быць
У спісу тых, хто пад зямлёй ляжыць?!
Ах, Божа мілы, як жа можна жыць…
Як верыць ды вучыць сваіх сыноў,
Калі, у якую хату б ні зайшоў –
Паўсюль партрэт заместа абразоў?!
Як верыць ды вучыць сваіх сыноў…
Ах, Божа мілы, як Твой сцяг трымаць,
Калі яго ўсе прагнуць адабраць,
Спаліць, зняважыць, у зямлю ўтаптаць?!
Ах, Божа мілы, як Твой сцяг трымаць…
Як йсці да праўды, як знайсці Цябе,
Калі ўсе кажуць: “Ты жывеш ўва мне!” –
А я дрыжу ад страху ў цемнаце?!
Як йсці да праўды, як знайсці Цябе…
Ах, Божа мілы, нам дапамажы,
Бо надакучыла жыць на мяжы!
Мы ўстанем – толькі Ты прыйдзі, скажы.
Ах, Божа мілы, нам дапамажы!
Цудоуны верш!
Цудоуны верш!