Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Чарнобыль

Сярэдняя: 3 (4 галасоў)

Чарнобыль

...Сонца залівала наваколле,
Зрываў з вяровак вецер паўзункі,
І немаўля ў калысцы на прыволле,
Гуляць павезлі большыя сынкі.

Загушкалі-залюлялі малога,
Дзіцячым гульням самая пара.
Я наўздагон сказала хлопцам строга-
"Не бегайце далёка ад двара"...

Усюды маці мрояцца няшчасці,
Бо з дзецьмі недалёка да бяды,
Каб хоць іх бокам абышлі напасці,
Каб іх не страціць ад агню, вады...

Зайшоў у двор работнік сельсавета-
"З вяроўкі ты бялізну лепш здымі.
Паслалі папярэдзіць вас пра гэта,
Аварыя, дзіця ў пакой вазьмі.

І большых дзетак забяры ў хату,
А не, дык хоць панамкі ім надзень.
Табе тлумачыць, што такое атам,
Лічу я лішнім. Ясна ўсё, як дзень."

А дзень быў ціхі, сонечны і мірны...
"О Божа, што ён тут нагаварыў?
Чарнобыль нейкі, пыл радыяцыйны,
Чацвёрты блок, рэактара ўзрыў...

Але пры чым тут паўзункі і дзеці?"-
Ніяк не ўцямлю: ад чаго ўцякаць?
"Што нам прынёс ты красавіцкі вецер,
Якой бяды яшчэ ўсім чакаць?"

Я ў кнігах ліхаманкава шукала,
Усё, што мне паможа зразумець.
Пра стронцый, цэзій...Гэтая навала
Нясла ў сабе хваробы, слёзы, смерць.

Ды як жа так? Няўжо нам гора мала?
І Бог чамусці не адвёў бяды.
Нам лейкаміі толькі не хапала,
Забруджаных паветра і вады...

Гады ішлі, мы верылі адчайна:
Бяда міне, у нас жа"чысты" фон.
Нябачны вораг вёў работу дбайна
І выганяў людзей са"шкодных"зон.

Нябачны вораг. Што страшней бывае?
Прывыкнуць немагчыма да яго.
Хоць з-за вугла ў нас ён не страляе,
Ды ад яго чакаць можна ўсяго.

Ад выбуху на станцыі далёкай,
Вядзём адлік чарнобыльскіх падзей.
І ў гэтым годзе сын мой каравокі,
Адзначыў першы круглы юбілей.

Такая доля нашай Беларусі,
Удары лёсу на сябе прымаць.
...Вяртаецца з краёў далёкіх бусел,
З сяброўкаю вясну тут сустракаць.

1996 г.