Аб’явы прыпынкаў ужо не ідуць з галавы,
У горадзе шумна і тлумна, няўтульна і пыльна.
Замкнутыя дзьверы сабору і Жоўтай Царквы,
На Ракаўскай вуліцы сьпіць некранутая Вільня.
Ты крочыш па горадзе, дзе ні хвіліны ня жыў,
Ён іншы, чужы, і ніколі табе не належаў.
З-за новай Нямігі прыцішана, бы з-за мяжы,
Азваўся апоўдні гадзіньнік на ратушнай вежы.
Разьбітыя мары, і часу няўмольнага такт
Удар за ударам табе адмярае. Дванаццаць.
Ты хочаш навечна застацца ў аціхлых дварах,
Пайсьці, заблукаць, і ніколі назад не вяртацца.
Чароўная песьня ліецца, нібы з-пад зямлі
Няміга сьпявае і плача, няўцешна і глуха,
А ў небе кружляюць анёлы, нібы матылі,
І горад стары засыпаюць таполевым пухам.