Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Антон Рудак

Сярэдняя: 4.1 (24 галасоў)

Вецер хмары па небе ў сумёты зьбіраў,
І яны застывалі ў маўклівым спакоі.
Сумны хлопчык сядзеў на адхоне Дняпра,
А краіна драмала ў сьнягах за ракою.

“Бог пакінуў яе. Пэўна, зь дзесяць вякоў,
Як забыўся аб нашай няшчаснай радзіме,
Дзе ня тое што цмокаў – няма й ветракоў,
Ані Донаў Кіхотаў, каб біліся зь імі.

Ён пайшоў і пакінуў нас зь ёю саміх –
Дык на чорта малітвы да гэткага Бога?”
Раптам сьнег прыпыніўся і вецер заціх –
Бог схіліўся і сумна глядзеў на малога.

І пакуль феерверкі ляцелі ў гару
І клалося ў снапы пад сярпамі калосьсе,
Ён пайшоў – і адзін нарадзіў Беларусь,
І для першага разу някепска ўдалося.



Сярэдняя: 4 (6 галасоў)

У вечаровых туманах
Каровы з пашы йдуць на голас.
Гусьцее змрок. У сьветлых снах
Мястэчку сьняцца Вільня й Полацк.

Гудуць млыны, бы пчолаў рой,
І птушкі пралятаюць з крыкам
Па-над маленькаю царквой
І па-над возерам вялікім.

Тут час спыніўся. Не такі
Звычай і лад, правы й законы,
Мястэчка сьніць свае вякі,
Старых багоў, князёў імёны.

Нас лёс матляе па зямлі.
Малюся я – і ты маліся,
Каб мы прыйшлі, адкуль пайшлі,
Каб мы змаглі вярнуцца ў Плісу.