Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мінск

Сярэдняя: 4 (6 галасоў)

Насеньне лепшае з жыцьцёвай сьветлай нівы
Сабранае ў жарон Малоху... Пыл пэрлін,
Узятых з мора ўцех і працы, – ў змрок рыцьвін
Прасыпаны на жвір вільготны і маўклівы.

Заслону забыцьця прадуць гады рупліва...
Як войска ўсталі тут сто тысячаў хваін,
Бы варта цішыні, што грэбнем вершалін
Шумлівыя вятры сутрымвае за грывы.

Тут іншаземцы сьлёз ня могуць прыхаваць...
І вы, гаспадары, паплачце, ці ж вам сьцерці
З прасьцягу памяці разоры столькіх сьмерцяў?

Паплачце, бо інакш драўлянай варты раць
У горад рушыць, каб ваш сон патурбаваць,
Павекі, што ў крыві запекліся, разьдзерці.
                                                            3.02.02



Сярэдняя: 4 (7 галасоў)

Вясло ўзьнімаю і – стралою арбалета
Байдаркі нос ляціць празь віхравы паток,
Выявы рэжучы мастоў, дамоў, аблок –
Лепш за віно п’яніць струмень відзежаў сьвету.

Прыпыніцца палёт, растануць піруэты
Запозьненых віроў, зардзее ў небе змрок,
А тыя вобразы шчэ будуць вабіць зрок,
Пакуль ліхтарняў шыхт ня кіне ў іх манэты.

І ўспыхне на вадзе, як мармуровы грот,
Як скарб, асьветлены пірацкаю паходняй,
Чароўны горад-князь, мудрэц і багатыр –
Вартуе дабрабыт насельнікаў і мір...

Пара да берагу – змыкаюць кола содні.
(У люстры, ведама, усё наадварот.)
                                                            11.04.2002.



Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Барока восені – мой улюбёны стыль
Убраньняў паркавых, калі ярчэй, іскрысьцей,
Чым дзень яшчэ ці два таму ірдзіцца лісьце,
І падае крылом, што абраніў матыль.

Зацішша восені – мой улюбёны штыль,
І нават час у ім далей ня можа плысьці,
Расталі дзеі ўсе ці адышлі кудысьці,
Нібыта на антракт спыніўся вадэвіль.

Тут неба топкае – на дне яго вышыняў
Таіцца васьміног, што сьпіць на аблачыне,
Пакуль грамы і дождж ірвуць нутро плаціне.

А ўстане цішыня – пакіне ён пасьцель.
О думы стылыя – пахмельны карабель, –
Штось напяваць пачне пачуцьцяў мэнэстрэль.

                                                            30.10.2000



Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Цень ваґзалі
плошчу
вошчыць,
Гоніць вецер
вецьце
сьмецьцем.
Скрухі костак
не
пагрэць нам
Ў цьмяным
восені
сяйве.
З пыс
здарожаных
дарожыц
Цень ваґзалі
плошчу
вошчыць.
Хібіць сьвет
ў сьвятла
акне...
Ў цьмяным
восені
сяйве
Скрухі костак
не
пагрэць нам.