Дождж, не плач!.. Я з табою сумую.
Свае слёзы мне ў шыбы не лі.
Я ж слабая – сябе не ўратую.
Лепей смутак са мной раздзялі.
Дождж, ты ведаеш, дзе ён начуе,
Дзе хавае дакоры свае.
Больш у смутку ўжо жыць не хачу я.
Як жа сонца мне, дождж, не стае.
Што з усходу ўстае і ратуе
Ўсё жывое сабою здаўна.
Дождж, не плач!.. Ты ж бачыш і чуеш –
Мне сваёй ужо самоты – спаўна.