Мы ў пятніцу вечарам
З другам сядзелі...
– Два дні выхадныя –
Субота, нядзеля...
Паедзем за горад,
Па лесе паходзім...
Што можа быць лепш,
Як пабыць на прыродзе!
Такія там сосны,
Такая там ціша!
Не выскажаш словам,
Пяром не апішаш.
Паветрам такім
І не дыхаў ты зроду!
На год набярэм
У запас кіслароду...
Два дні выхадныя –
Субота, нядзеля...
– У горадзе нашым
Такія музеі!
За горад мы лепей
Другі раз паедзем,
А нашы музеі
Нарэшце агледзім.
Такія там, браце,
Скульптуры, карціны!
У кожнага хопіць
На год успамінаў...
Два дні выхадныя –
Субота, нядзеля...
– Даўно мы з табою
Кіно не глядзелі.
Музеі –
на потым,
Не так ўжо й пільна,
А лепей паглядзім мы
Новыя фільмы.
Любімы герой,
Як жывы,
на экране...
Што можа быць лепш
За такое спатканне!..
Два дні выхадныя
За чаркай сядзелі...
Прапала субота,
Прапала нядзеля.