Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Фермапілы

Сярэдняя: 3.5 (2 галасоў)

Фермапілы
Мы стаім у цясьніне.
Нас, быццам ваўкоў, атачылі.
Прапануюць нам здацца,
Гарантыі нават даюць.
Толькі мы пакляліся,
Што лепш у магіле спачынем,
Ды не здрадзім,
Ў бядзе не пакінем
Радзіму сваю.

Ёй сягоньня цяжэй,
Чым было за царамі калісьці,
Бо знявечаны душы людзкія
І страчаны сьцяг.
Спанталычыўся ў рабстве
Застрашаны люд паспаліты,
І балюе зьняважлівы зброд
На ягоных касьцях.

Хоць не трыста нас – больш,
Ды адно – гэта жменька малая.
Што паўстане народ шчырадайны,
Бракуе надзей.
Ноч пануе наўкол,
Толькі зоры й паходні палаюць.
Ды прыгледзься: расплюшчвае вочы
Няскораны дзень!

Мусіць ён зазірнуць
У наш затхлы задушлівы морак –
Нараджаецца вольнасць заўжды
З сьветлай мары адной.
Хіба толькі сьляпы не заўважыць:
Сьвятлеюць прасторы,
Ў курчах круціцца ноч,
Што імгліць над краінай маёй.

Мы ў цясьніне стаім,
Толькі ў сэрцах няма паняверкі:
Мы на роднай зямлі
За сьвітанак вядзём сьмертны бой.
І гатовыя мы
Ў гэтай бітве з цямрэчай памерці,
Толькі б сонца хутчэй узышло
Над радзімай зямлёй.
29.03.2013