Гітара грае блюз.
Сусед да сценкі – вуха.
Ён мае добры густ –
Не можа не падслухаць.
Другую ноч запар –
Слухач мой гэта знае –
Канцэрт "Саюз гітар"
Гляджу я на Тутбае.
Лунае спеў душы
Над возерам натхнення.
Хутчэй святло тушы
І слухай – плачуць цені.
Без шчырасці такой
Было б самотна ў свеце.
Гук шчасцем і тугой
Плыве па Інтэрнэце.
Калі яшчэ і дзе
Я гэтак ачмурэю?
Пакуль канцэрт ідзе,
Прастора палымнее.
Здаецца, што жыццё –
Такія вось імгненні:
Гітара, забыццё,
З нябёсаў блаславенне…
Гітара грае блюз –
Цячэ струмень празрысты.
О, як жа я люблю
МузЫку-гітарыста!
Няма мацней спакус.
Сусед да сценкі – вуха.
Калі адменны густ,
Як гэта не паслухаць?!
28.08.2010