Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Калі стварае Бог паэтаў...

Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)

Калі стварае Бог паэтаў,
Ён перш за ўсё кладзе ў дзяжу
Закваску чуласці да свету
І дрожджы – жменю куражу.

Пасля дзіцячага ўспрымання
Туды падмешвае з мукой
І падлівае хвалявання –
Каб не разбэсціў іх спакой.

А каб уражанняў яскравых
Істотам будучым надаць,
Ён падсыпае ім цікавасць
І шал, і смагу рыфмаваць.

Пасля старанна цеста месіць,
І змест, і форму надае,
Ўдыхае дух, што з паднябесся
Нясе магчымасці свае.

Іскру душы ўдзімае ў цела,
І промні мар, і рой надзей,
Каб свой сусвет ствараць карцела –
І для сябе, і для людзей.

А каб спаўна жыццё спазналі –
За крокам крок, за кругам круг,
Агнём Гасподнім апякае
Сырыя творы ўласных рук.

Кідае з полымя ды ў сцюжу,
Каб, нібы сталь, загартаваць,
І правярае – а ці здужаць?
А ці іх варта гатаваць?

Калі ж, нарэшце, рассыпае,
Паэтаў зернем па зямлі –
Дажджом натхнення бласлаўляе,
Каб рунню вершаў узышлі.

25.02.2011