Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Калядныя абрады

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ноч, даўжэйшая ў годзе,
Неўзабаве надышла.
З першай зоркай у народзе
Запрашаюць да стала.

Стол стаіць, пакрыты сенам,
А на ім абрус ляжыць,
У мігценьні летуценным
Елка ля вакна стаіць.

У кутах — снапы са збожжа,
У місцы на стале — куцьця:
Талісман ад сіл варожых,
Сымбаль вечнага жыцьця.

Хутка ўся сям’я зьбярэцца,
Прыйдуць добрыя сябры,
Згода ў хаце застанецца,
Звады й крыўды — на двары.

З кожным паламай аплатку,
Каб традыцыя жыла,
У доме пажадай парадку,
Дабрабыту і цяпла.

Жонка мужу пажадае:
Каб ты сьвету не відаў
З-за вялікага ўраджая
(Ды здароўя не губляў).

Гаспадар адкажа жонцы:
Хай жа буйных гарбузоў,
Буракоў, гуркоў ды морквы
Хопіць нам да маразоў!

Пачынаюцца варожбы:
Сьверб дзяўчын апанаваў,
Каб хлапец які харошы
Шлюб хутчэй прапанаваў.

З-пад абруса ты сьцяблінку
Асьцярожна выбірай:
Возьмеш доўгую былінку —
Будзе добрым ураджай.

Адчыняй шырока дзверы,
Паважаны гаспадар:
Калядоўшчыкаў намеры —
Атрымаць за песьні дар.

Тут Каза, Мядзьведзь ды Конік
Віншаваць цябе прыйшлі,
Час запляскаць у далоні:
Добру вестку прынясьлі.

Сьвята слаўнае Калядаў
Лучыць розныя часы:
Да язычніцкіх абрадаў —
Хрысьціянаў галасы.

Уся Эўропа адзначае
Збаўцы вечнага прыход.
Хай Пан Бог ва ўсім спрыяе
ў гэты дзень і ў новы год!