Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Хадок

Сярэдняя: 4.6 (20 галасоў)
                                                Уладзіміру Караткевічу

Біклага, кульба, торба на плячах —
Па нашым часе
                           выгляд маскарадны.
Нікому і ні ў чым не падуладны
Хадок ідзе, таму што выбраў
Шлях.

З дубровы ў бор, з нізіны на грудок
Ідзе хадок, —
                        а бэйбусы, барыгі
Крычаць: «Гэй ты! Дзе крыж твой? Дзе вярыгі?»
Хадок ідзе. Таму што ён
Хадок.

Ён выбраў шлях — і ўжо не зверне ў бок
Ад ісціны, вядомае спрадвеку:
Амаль усё, што трэба чалавеку, —
Скарынка хлеба ды вады глыток.

Амаль усё. Амаль, амаль, амаль...
Але не ўсё, калі камяк у горле, 
He ўсё, не ўсё — калі душу агорне
Па незабыўным непазбыўны жаль.
Па кім? Па чым? Ці не па ўсіх і ўсім:
Па каласах тых, што на ўзмежку поля,
Па тым — што праўда, і па тым — што воля,
Па самым любым, самым дарагім,
Па ўсіх, па ўсім — да слёз, да слёз, да слёз
Па самым крэўным у чужынным свеце,
Што княжым ветрам прашуміць у вецці
На спеўных вежах полацкіх бяроз
Ці паляўнічым рогам прагудзе
Ля Турава — і адгукнецца ў Крэве...

Хай шлях кружны, нібыта кольцы ў дрэве,
Бясконцы шлях. Але хадок
Ідзе.

Усё сваё з сабой нясе... Яму
Таго даволі, больш чым неабходна,
Каб зратаваць сасмяглых і галодных.
Каго? Яму вядома аднаму.

Ідзе хадок. Над ім дажджыць, сняжыць,
Яму не выйсці з гэтай кругаверці:
Ён ведае так мала, каб памерці,
I гэтак многа ведае, каб жыць.


Цудоўна! Хацелась бы пабачыць

Цудоўна! Хацелась бы пабачыць тыя часы калі у нашых школах будуць аддаваць перавагу такім творам замест "Барадино"ці якая - небудь "Сказка о рыбаке и рыбке".

вельми прыемна,што жыву у той

вельми прыемна,што жыву у той час,кали ПИШУЦЦА ТАКИЯ РАДКИ.За адзин тольки гэты верш Уладзимир Някляеу для мяне ВЯЛИКИ ПАЭТ

За Беларусь хадакі, ЗА

За Беларусь хадакі, ЗА БЕЛАРУСЬ!

Выдатны чалавек. Выдатныя

Выдатны чалавек. Выдатныя творы. Напісана добра, а галоўнае - кранае...

Супер!

Цудоўны вобраз, хоць і крыху "зацёрты": да тэмы чалавека, які вечна вандруе па зямлі і шукае ісціну, зьвярталася ўжо шмат пісьменьнікаў. Але пан Ўладзімер такі здолеў падаць гэтую тэму арыгінальна, за што яму і рэспект.