Уладзіміру Караткевічу
Біклага, кульба, торба на плячах —
Па нашым часе
выгляд маскарадны.
Нікому і ні ў чым не падуладны
Хадок ідзе, таму што выбраў
Шлях.
З дубровы ў бор, з нізіны на грудок
Ідзе хадок, —
а бэйбусы, барыгі
Крычаць: «Гэй ты! Дзе крыж твой? Дзе вярыгі?»
Хадок ідзе. Таму што ён
Хадок.
Ён выбраў шлях — і ўжо не зверне ў бок
Ад ісціны, вядомае спрадвеку:
Амаль усё, што трэба чалавеку, —
Скарынка хлеба ды вады глыток.
Амаль усё. Амаль, амаль, амаль...
Але не ўсё, калі камяк у горле,
He ўсё, не ўсё — калі душу агорне
Па незабыўным непазбыўны жаль.
Па кім? Па чым? Ці не па ўсіх і ўсім:
Па каласах тых, што на ўзмежку поля,
Па тым — што праўда, і па тым — што воля,
Па самым любым, самым дарагім,
Па ўсіх, па ўсім — да слёз, да слёз, да слёз
Па самым крэўным у чужынным свеце,
Што княжым ветрам прашуміць у вецці
На спеўных вежах полацкіх бяроз
Ці паляўнічым рогам прагудзе
Ля Турава — і адгукнецца ў Крэве...
Хай шлях кружны, нібыта кольцы ў дрэве,
Бясконцы шлях. Але хадок
Ідзе.
Усё сваё з сабой нясе... Яму
Таго даволі, больш чым неабходна,
Каб зратаваць сасмяглых і галодных.
Каго? Яму вядома аднаму.
Ідзе хадок. Над ім дажджыць, сняжыць,
Яму не выйсці з гэтай кругаверці:
Ён ведае так мала, каб памерці,
I гэтак многа ведае, каб жыць.