Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Уладзімір Някляеў

Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргоні Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Мінскім элетратэхнікуме сувязі (1962-1966), на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута (1971, Масква), скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973). Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў у газеце "Знамя юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, галоўным рэдактарам часопіса "Крыніца", штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 - старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Выступае з вершамі ў перыядычным друку з 1970 года. У 1976 годзе выдаў першы зборнік паэзіі «Адкрыццё». Аўтар паэтычных кніг «Вынаходцы вятроў» (1979), «Знак аховы» (1983), «Местное время» (1983), «Наскрозь» (1985), «Дерево боли» (1986), «Галубіная пошта» (1987), «Веда» (1989), «Прошча» (1996), «Выбранае» (1998), «Так» (2004). Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданні «Хайбах», «Чмель і вандроўнік», «Меў Марык бомбу», аповесці «Прага», «Няхай жыве 1 Мая» і інш.). Аўтар раману «Лабух» (2003).

Па аповесці "Вежа" Аляксеем Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя "Вавілон", пастаўленая Мікалаем Мацкевічам.

Аўтар тэкстаў шматлікіх папулярных песень.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола (1979) за кнігу «Вынаходцы вятроў» і паэму «Дарога дарог». Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

njakljaeu.jpg


Сярэдняя: 4.3 (30 галасоў)
— Воблака гэтае хоць пастрыжы:
Пасецца на небе авечкаю воблака.

— Ага. Пастрыжы і ад страху бяжы:
Яно на мядзведзя падобнае воблікам.

— He, у яго плаўнікі, як у рыб.
— На выбух падобна.
— На атамны грыб.
 
— Дурань!.. Яно — як капа на мяжы:
Бяры
           і складай у рэзгіны.
— Як грыб, я кажу!
— Сваёй мамцы скажы!..

Гульні дзіцячыя... Сны... Міражы...

Воблака гэтае на віражы
Чатыры стрыжы, як чатыры нажы, —
Зрэзалі.


Сярэдняя: 3.8 (15 галасоў)

Ранкам неба пацямнела, а днём
На дарогу ўпала чорным агнём.

Нахіліўся і падняў я агонь,
Перакінуў з далані на далонь.

і на правай - прапаліў скуру ён,
і на левай, як кляймо, стаў відзён.

і спытала даланя ў далані:
- Для чаго нам перакідваць агні?

і сказала далані даланя:
- Гэта забаўка такая. Гульня.



Яшчэ не ацэнена

Жыві, Беларусь! Веру, будзеш жыць заўсёды.
Святло «Пагоні» будзе сэрцы нашы акрыляць.
Жыве, жыве наш край пакутны і свабодны,
Нескароная нікім і святая зямля.
Беларусь! Беларусь! Хай цябе мінуць усе нягоды,
Век у шчасці жыві, ты, Радзіма мая!

Жыве Беларусь — нашай долі абуджэнне.
Краіна-маці, ты прызнанне шчырае прымі:
Жыве! Жыве! Гучыць узнёсла блаславенне,
Беларускі вольны дух уваскрос з даўніны.
Беларусь! Беларусь! Мы тваё вітаем адраджэнне,
Будзеш вечна вольнай ты, будзем вольнымі мы.

Жыве Беларусь! Нас нядоля не здалела.
Магутны Божа, беражы Айчыну з году ў год.
Жыве! Жыве! Як непагасны сімвал веры,
Будзе вечна на зямлі паспаліты наш род.
Беларусь! Беларусь! Пад штандарам бел-чырвона-белым
Век у шчасьці жыві, беларускі народ!