Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Хлеб

Сярэдняя: 3.7 (43 галасоў)
Вялікія вочы – па бохану
У людзей галодных,
Асабліва ў дзяцей, якім
Не зразумець ніколі:
«Трэба араць»,
                     «Трэба сеяць».
А чым араць?! А чым сеяць?!
Яны толькі ведаюць хлеб
Як смачны вялізны бохан
З мецінамі ад пальцаў,
Што маці для ўкрасы зрабіла
Перад тым, як садзіць у печ...
Яны толькі ведаюць нож,
Якім крояць хлеб,
Яны першабытна чуюць
Пах аржанога хлеба,
Ён кружыць ім галаву,
Схапіць яны хлеб гатовы,
Калі нават сказаць ім,
Што ён замініраваны, –
Яны не вераць вачам,
Яны толькі чуюць пах
Аржанога хлеба...

У тыя гады галодныя
Мы нават на маладзік глядзелі,
Як на надкусаны бохан.

І раптам па вёсцы чутка:
Зіна, наша суседка,
Вучыцца едзе на пекара!
Адразу для нас яна стала
Загадкаваю асобай,
Не нашаю, не вясковай,
А незямною ўладай надзеленай,
Хоць разам па загароддзях
Збіралі мы лебяду.
І ўжо яна ў нашых думках
Не ў вёсцы жыла, не з намі,
А недзе далёка-далёка,
У казачным нейкім палацы,
Дзе белыя, белыя сцены,
З самых бялюткіх булак.
І Зіна – у гэтых сценах.
Відаць толькі ўсюды
Шчаслівыя Зініны вочы.

Я ехаў нядаўна ў трамваі.
Разгаварыліся дзве дзяўчыны:
– Дзе ты працуеш?
– На хлебазаводзе.
– Падабаецца хлеб пячы?
– Ат, няхай яго ліха...

Як мне хацелася крыкнуць:
– Не крыўдзіце хлеб, ён – жывы!