Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

хлеб

Яшчэ не ацэнена

У шумным гурце мужыкі
Гавораць пра палітыку,
Хоць і яна ім не з рукі,
Як той агонь на прыпеку.

Самоса тут і Пехлеві —
Каран каранаваны.
Ці мала выцекла крыві
Пад грукат барабанны?

А потым стануць разважаць
Яны пра век нейтронны
I доўга будуць размяжаць
Зялёны колер з чорным.

Пакуль не скажа дзед які
З развагай аналітыка:
«Хлеб трэба сеяць, мужыкі,
Без хлеба — дрэнь палітыка».



Сярэдняя: 4.1 (85 галасоў)

Хлеб у хаце!..
Пахучым сонцам
Цёплы бохан з покуці свеціць...
Мы сягоння рады бясконца,
Мы сягоння — райскія дзеці.

Ды ў маці маршчын не меншае,
А ў маці скрозь смех — слязінкі,
Бо апошняя радасць першая,
Бо няма ні адной мучынкі.

Толькі добры жнівень замесіць
З ураджаю новага радасць,
А да жніўня — нягод завеса,
А да жніўня шчэ хмары з градам.

Але сёння свята ў хаце,
Мы шчаслівыя з братам меншым:
Елі хлеб, што спякла нам маці!
Елі хлеб, на слязах замешаны...



Сярэдняя: 3.7 (43 галасоў)
Вялікія вочы – па бохану
У людзей галодных,
Асабліва ў дзяцей, якім
Не зразумець ніколі:
«Трэба араць»,
                     «Трэба сеяць».
А чым араць?! А чым сеяць?!
Яны толькі ведаюць хлеб
Як смачны вялізны бохан
З мецінамі ад пальцаў,
Што маці для ўкрасы зрабіла
Перад тым, як садзіць у печ...
Яны толькі ведаюць нож,
Якім крояць хлеб,
Яны першабытна чуюць
Пах аржанога хлеба,
Ён кружыць ім галаву,
Схапіць яны хлеб гатовы,
Калі нават сказаць ім,
Што ён замініраваны, –
Яны не вераць вачам,
Яны толькі чуюць пах
Аржанога хлеба...

У тыя гады галодныя
Мы нават на маладзік глядзелі,
Як на надкусаны бохан.

І раптам па вёсцы чутка:
Зіна, наша суседка,
Вучыцца едзе на пекара!
Адразу для нас яна стала
Загадкаваю асобай,
Не нашаю, не вясковай,
А незямною ўладай надзеленай,
Хоць разам па загароддзях
Збіралі мы лебяду.
І ўжо яна ў нашых думках
Не ў вёсцы жыла, не з намі,
А недзе далёка-далёка,
У казачным нейкім палацы,
Дзе белыя, белыя сцены,
З самых бялюткіх булак.
І Зіна – у гэтых сценах.
Відаць толькі ўсюды
Шчаслівыя Зініны вочы.

Я ехаў нядаўна ў трамваі.
Разгаварыліся дзве дзяўчыны:
– Дзе ты працуеш?
– На хлебазаводзе.
– Падабаецца хлеб пячы?
– Ат, няхай яго ліха...

Як мне хацелася крыкнуць:
– Не крыўдзіце хлеб, ён – жывы!


Яшчэ не ацэнена

Ці гэта звычка, ці патрэба –
Адчуўшы лепшы ў свеце пах,
Я зноў цалую бохан хлеба,
Які трымаю у руках.

Вось гэта водар! Ну й духмяны!
Смачней за ўсё, што з ім ядуць!
Але ж і варты той пашаны,
З якой на стол яго кладуць!

Ў ім болей кошту, чым каштуе.
Ды я без хлеба не магу –
Нібы ласунак ем – смакую
І, нібы скарб свой, берагу.

Ў ім – веліч сіл зямлі і неба:
Тут і сяўба, і ўсходаў рост,
І бласлаўленне шчодрай глебы,
Якой не шкодзіць і мароз.

І шум дажджоў, і сонцапёкі,
І каласоў налітых звон…
О, хлебаробы! Хлебапёкі!
За вашу працу – вам паклон!

За мазалі, за кроплі поту,
За працу – зранку да начы…
І я ізноў цалую ўпотай
Скарынку, цёплую з пячы…

А як за стол сядаю есці,
Хоць і прысмакі ёсць калі,
Імкнуся “Дзякуй” небу ўзнесці
За хлеб, што маю на зямлі…