Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1974

Сярэдняя: 4.7 (18 галасоў)

І ты, і я… І на паўмілю,
Што ў дзень стварэння, – ні душы…
Бярозкі, ўбачыўшы, застылі –
Баяцца голлем варушыць.
Ступіць баяцца нават кроку
Ў наш чысты замак з крышталю,
Каб не падслухаць ненарокам
Святое першае: “Люблю!..”
Каб шэпат, стаўшы гучным рэхам,
Не нарабіў бы нам трывог,
І нехта злосны брудным смехам
З яго смяяцца гідка мог.
Хай заўтра яснае світанне
Абудзіць чысты новы дзень,
І на “люблю” – лісток прызнання
Не ляжа ценем нават цень.



Сярэдняя: 4.8 (14 галасоў)

А цудаў не бывае, не бывае,
Ды ўваскрасіла іх вада жывая –
Матуль жальбу сыны з магіл пачулі,
Прынеслі ім памыць свае кашулі.
Матулі ад світання шчыравалі,
Салдацкія кашулі шаравалі
Над ночвамі, балеямі, катламі,
Пакуль не паадмылі тыя плямы
Ад спечанай крыві, ад солі-поту,
Ад пораху, ад пылу, ад журботы,
У рэчках, у крыніцах спаласнулі...
Як лёгка іх сыны тады заснулі!
Кашулі, вымытыя мацяркамі,
Марозам пахлі, сінімі вятрамі,
Травой мурожнай, першай баразною
І блізкай і далёкай стараною...

А цудаў не бывае, не бывае.
Ды памяць ёсць: яна – вада жывая.



Яшчэ не ацэнена

Маланка вогненным багром
Цяжкія крыгі хмар разводзіць,
Па небасхіле ўладна ходзіць
Далёкі гром.

Цярэбіць пушчу напралом,
То глуха стогне, то вуркоча...
Не дасць заснуць сягоння ноччу
Далёкі гром.

Грыміць над Прыпяццю, Дняпром,
Як водгук колішняга бою.
Душу сціскае ціхім болем
Далёкі гром.

Грукоча тут у кожны дом
Адвечным рэхам неспакою
Ледзь чутны дзесьці за ракою
Далёкі гром.



Сярэдняя: 4 (9 галасоў)

Хоць за смерцю стаяць у чарзе,
Дзеці ёсць дзеці.
Скачуць на адной назе,
Забыўшы пра ўсё на свеце.

Жыццё іх – на валаску...
Кат, не чапай малую!..
Трэсачкай на пяску
Дзяўчынка малюе.

Сонейка – ясны дзень! –
Хата над рэчкай.
З коміна дым ідзе –
Паліцца печка.

Мама
Смачнае самае
На абед гатуе...

Хто іх сягоння з мамаю
Ад смерці ўратуе?!.

Жыццё іх – на валаску...
Кат, не чапай малую!..
Трэсачкай на пяску
Дзяўчынка малюе.

Сонейка – ясны дзень!
Рада малеча.
З коміна дым ідзе...
І з асвенцімскай печы.