Ці гэта звычка, ці патрэба –
Адчуўшы лепшы ў свеце пах,
Я зноў цалую бохан хлеба,
Які трымаю у руках.
Вось гэта водар! Ну й духмяны!
Смачней за ўсё, што з ім ядуць!
Але ж і варты той пашаны,
З якой на стол яго кладуць!
Ў ім болей кошту, чым каштуе.
Ды я без хлеба не магу –
Нібы ласунак ем – смакую
І, нібы скарб свой, берагу.
Ў ім – веліч сіл зямлі і неба:
Тут і сяўба, і ўсходаў рост,
І бласлаўленне шчодрай глебы,
Якой не шкодзіць і мароз.
І шум дажджоў, і сонцапёкі,
І каласоў налітых звон…
О, хлебаробы! Хлебапёкі!
За вашу працу – вам паклон!
За мазалі, за кроплі поту,
За працу – зранку да начы…
І я ізноў цалую ўпотай
Скарынку, цёплую з пячы…
А як за стол сядаю есці,
Хоць і прысмакі ёсць калі,
Імкнуся “Дзякуй” небу ўзнесці
За хлеб, што маю на зямлі…
Очень хороший стих.
Очень хороший стих.