Хвалімся: глядзім у свет далёка,
З выкладкай прадвызначаных вех...
А не бачым часта, як пад бокам
Самы блізкі
                  гіне чалавек.
За сусветы зорныя сігаем,
Ведаем, як слаць туды чаўны.
А вось тут нярэдка і не знаем,
Што пра нас падумалі сыны.
Што ў іх сэрцах, што ў іх душах зараз?
На якіх сцяжынках
                              іх пагляд?
Можа, просіць помачы іх мара?
Можа, дзесь блукае неўпапад?..
Што мая паэзія і проза,
Што мае трактаты і эсэ,
Калі не заўважыў я пагрозы,
Што мне слепата мая нясе.
Бачыў блізка дальнія скрыжалі,
А на блізкі свет глядзеў здаля.
—  Ты даруй, даруй мне, —
                                         крыкнеш з жалем, —
Родны свет мой — людзі і зямля!..
Крыкнеш, сэрцам верачы да болю:
—  Не, прад вамі больш не саграшу!..
Ды ўсё роўна з цемры, можа, болей
I не вернеш нечую душу.