Як сумна, любая, дакоры
 З твайго кілішка дапіваць,
 Калі так свецяць,
 Свецяць зоры,
 Калі так зоры зіхацяць.
Пайсці б у ноч,
 Пайсці далінай,
 Пайсці чорт ведае куды...
 Не ўсе пратоптаны пуціны,
 Не ўсе стаптаны гарады.
Пайсці, дзе ветры на азёрах
 З лістоты выткалі абрус...
 Люблю я шыр,
 Люблю я поле,
 Люблю я маці Беларусь.
Тут кожны куст пяе каханне,
 Тут рэчка казкаю журчыць,
 Аповесць доўгую змагання
 Тут навявае кожны крыж.
Дарогай ў далечы пайду я,
 Пайду часамі без дарог
 І кожны кусцік расцалую
 У растрывожаных палёх.
Калі над цінаю імшараў
 Засвішча волат гарадоў,
 Я разаб'ю пустую чарку
 На полі выпітых гадоў.
Не буду, любая, дакоры
 З твайго кілішка дапіваць,
 Калі над шляхам будуць зоры
 Сталёвай раніцай зіяць.
 
        	
вялікі майстра прыгожага
вялікі майстра прыгожага слова.