Колькі развялося ў Беларусі роднай
Байструкоў няўдзячных, погані бязроднай.
Хоць ядуць нямала нашай солі-хлеба,
Топчуць зямлю нашу, копцяць наша неба,
Ды сваю старонку граззю абліваюць
І народ свой кроўны ўсяк знеслаўляюць.
Свая мова, песні ім зусім нялюбы,
І яны ўсё робяць дзеля нашай згубы.
Чуюць-знаюць гады, што ім патураюць
І што іх за гэта добра надзяляюць.
Але мы ім скажам на іх спрыт нялюдскі:
"Нас душылі Гітлер, Сталін і Пілсудскі.
Калі ж мы жывымі выйшлі з лап ільвіных,
То не нам баяцца капытоў асліных!"