Крыж у кожнага свой
Захварэла. Пасцельны рэжым,
А за вокнамі чэрвеня гукі.
На зямлі, без ніякай прынукі,
Усе носім свае мы крыжы.
Быў калісьці адзін чалавек,
Захацеў памяняць крыж на іншы.
Ён заенчыў: Айцец, Усявышні,
Гэты цяжка насіць увесь век.
Выбірай. Бачыш, колькі крыжоў,
Пахадзі ўздоўж сцен, прыглядзіся,
Пад любога ты з іх станавіся…
Чалавек закрычаў: Я знайшоў!
Усміхнуўся Гасподзь: Што ж, бяры.
Выбраў сам яго, болей не кайся.
Ты ж узяў той, што кінуць стараўся,
А няможна, ты бач, без пары.
Так заўсёды бывае ў жыцці.
Не заменіш свой лёс ты на іншы,
Не паможа ў тым і Усявышні.
Пад сваім трэба крыжам ісці.
2001 г.