Лепей ніколі, нідзе
Абдымкаў такіх не бачыць,
Калі вырываюць дзіця
З матчыных рук гарачых;
Калі адрываюць яе
Ад цела забітага мужа, –
Лепей не бачыць нідзе
Гэткіх абдымкаў дужых.
Да хрусту ў суставах рук
Абдымкі байца-героя,
Што ранены, ледзь жывы
Сціскае рукамі зброю...
Абдымкі расстанняў, стрэч
З таварышам,
Другам,
Бацькам...
Абдымкаў век не разняць
У магіле брацкай.