Вы не бачылі часамі,
Як, напіўшыся з крыніц,
Вырастаюць за лясамі
Горы спелых навальніц?
Вырастаюць і хістаюць
Над сабой блакітны звон
I агністымі хвастамі
Хвошчуць сонца наўздагон.
Іхнія — зямля і неба!
Прэч з дарогі, прэч усе!..
Вёцер спуджана і нема
Страпянецца на страсе.
Ліст вусцішна залапоча,
Пыльны выскача віхор,
Певень, быццам супраць ночы,
Пракрычыць апошні збор.
Блісне ў твар халоднай крэскай,
Свет закрые дацямна —
I з грымотамі і трэскам
Рухне чорная сцяна.
Б'юць руччы па каляінах —
Ці дарога, ці рака?
I азон з душком палынным
У пакоях заблукаў...
Перамые, прапалошча,
Нібы ў новай лазні дзед,
Свет запыленыя мошчы, —
Як народзіцца на свет!
Цішынёю ахінуцца
I нябёсы, і зямля.
Hi травінкі не шапнуцца.
Hi жыцінкі — у палях...
Ані спрэчак, ані звады
У птушынае гурмы,
I за мройным даляглядам
Спяць натомлена грамы.
Настоящая,замечательная
Настоящая,замечательная поэзия.Настроение,сила,ритм.Попала я в грозу!