Часамі прагну многага.
Ці будзе з працы плён?
Не разгубіць бы роднага,
Знаёмага здавён.
Кагосьці слепіць рэчамі
Шматпавярховы быт,
А я хачу
пад Рэчыцу,
Дзе так даўно не быў.
Даволі жыць на ростанях.
Патупаю наўпрост
Да разумення простага
Туды,
дзе сам прарос.
Адкіну ўсе абстракцыі
З пражытага жыцця,
Каб зліцца з сельскай працаю
І сэнсам жыць зліцця.
Здаюцца недарэчнымі
На вуліцах агні.
Мяне сяла пад Рэчыцай
Прыцягвае магніт.