Пакуль, сястрычка, падрасцеш
І шлях пратопчаш свой жыццёвы, —
На памяць вывуч гэты верш,
Які складаю шчырым словам
Не зразумееш мо мяне —
Пішу табе яго навыраст,
Я знаю: гэты дзень міне,
З якога верш сягоння вырас.
Магчыма, толькі ён адзін
І астанецца жыць на памяць,
Як рэха дальняе гадзін,
Што сэрца мне гнятуць і раняць.
Тады, сястрычка, ўспамяні
Усіх, хто з бою не вярнуўся,
Каб намі высненыя дні
Зноў паплылі над Беларуссю.