Я лячу белакрылаю птушкай
праз аблокі і чорныя хмары,
дзе старонка пяе,
дзе матуля жыве,
дзе квітнелі дзіцячыя мары.
Сустракаюць матуліны вочы
побач з восеньскай кветкай-вяргіняй.
Ціха лашчыць рука
бы струмень малака -
успамінаю калыску-радзіму.
Чую - б'ецца матуліна сэрца,
як заўжды, не шукае спакою.
Шпарка годы бягуць,
падарожжы завуць,
не магу развітацца з табою.
Халадлівым і змрочлівым ранкам
хай запаліць матуля ў печы.
Я цяпло зберагу,
я святло пранясу
праз гады ў бясконцую вечнасць!