Мы з табой адчувалі адное і тое ж,
Ды гады разаралі між намі мяжу –
І цяперака ты пра зямное ўсё мроіш,
А я, нібы дурніца, у неба гляджу.
Мы ў сваіх “даляглядах” не здольны сысціся,
Але і разлучыцца не можам ніяк.
І дагэтуль не маем разумнага выйсця.
Існуем, нібы ў байцы: я – лебедзь, ты – рак.
Я вятрыскам ірвуся да сонца, на волю.
А ты клюшнямі ўпарта грабеш да вады.
Хоць і марым абое пра лепшую долю,
Цягнем воз уразброд невядома куды.
О, насмешка жыцця – супрацьлегласцяў повязь!
Прыцягненне-зліпанне – бяда палюсоў.
А таму я змаўкаю, не скончыўшы споведзь,
І ў бязглуздую збрую ўпрагаюся зноў…
13.03.2011