На гасціннай планеце,
Дзе часовы наш дом,
Мы дасюль – нібы дзеці,
Што гуляюць з агнём.
Спажываем "пустышкі" –
Слава, грошы, прэстыж
І жадаем залішне –
Ўсіх магчымасцей звыш.
Час дарэмна марнуем –
Ні сабе, ні другім,
Бо зайздросцім, раўнуем,
Асуджаем і кпім.
А, спаткаўшы каханне,
З-за нязначных абраз
Глупай жорсткасцю ранім
Тых, хто мілуе нас.
Спрэчкі зводзім у бойкі,
Зневажэнне – у здзек,
Святкаванні – ў папойкі…
О, дзівак-чалавек!
Ты не чуеш, як плача
Пад табою зямля?
Ці не можаш іначай,
Бо яшчэ немаўля?
11.08.2010