Дарма фатограф
з мяне шуткуе,
Што сядзець,
як мумія,
не магу я.
Дарма фатограф
з мяне шуткуе...
За неспакой мой
няхай даруе!
...Ляжаць буду ў куфры,
на самым дне,
Пажаўцею і высахну,
бы ў труне.
Нехта падніме
цяжкое века,
Дастане на свет
з труны чалавека.
Буду жмурыцца я
ад праменняў.
Пальцамі рук варушыць
на каленях,
Не сасчапіўшы
у вечны вузел.
На каўняры –
незашпілены гузік, –
Бо знаю,
як толькі
святло я ўбачу,
Градам пасыплецца
пот гарачы.
Асабліва няхай
варушацца рукі,
Што ў рабоце цяжкой
не зналі прынукі...
І калі праўнук
патрэбным палічыць
На памяць
картку маю
павялічыць, –
Хай фатографы
гальштука мне
не чапляюць.
Хай фатографы
рук маіх
не чапаюць:
Столькі звязалі
рукі мае
перавяслаў,
Столькі звязалі
мярэжаў частых,
Столькі звязалі
вянкоў для зрубаў,
Столькі звязалі
рукі мае
вянкоў для любай,
Ды колькі яшчэ
звязаць не паспелі!..
А гальштука нат
завязаць не ўмелі.
Дык хай фатографы
гальштука мне
не чапляюць –
Рук мазолістых
не чапаюць.
Я й з таго свету
ім не дарую...
Такую картку
на памяць
дару я.