Падалеў ночы змрок,
Павышэла сьвятло –
Зараніца за крок
Галам высьветліць дно.
Ачуняе сяло,
Што хавае сьліўняк –
Адшукае вясло
Недаспаны рыбак.
У кустах над ракой
Птушкі вытвараць сьпеў –
Пабялеюць імглой
Кроны стомленых дрэў.
Між цы’бя дзіўны цьвет
Парасіла зара –
Дыяментаў букет
Дорыць сонца пара.
Разнасьцяжыў прастор
Для вятрыска гульні,
Што падрапаўшы бор,
Паласкаў камяні.
Сьмела ўдарыў вадзе
У запужаны твар,
Што на поле прадзе
Белым покрывам пар.
Бы вясёлкі дугой
Палавее пара –
Сьцемеў змрок над зямлёй,
Змоўкла ў лесе сава.
Пазырчэла. Зноў ціш.
Між сьцяжынаў дзірван –
Пазакінуты крыж
Расьсякае туман.
На крыжы тым ручнік
Саматканы зь ільну –
Ў ім узораў бязьлік
Абвяшчае вясну.
Пад крыжом васількі
Бы люструнак нябёс –
На крыжы без рукі
У расьпяцьці Хрыстос.
Пад бусьліным крылом
Ён пакідзішчам стаў –
Аксамітным плашчом
Зеляніць медны сплаў.
Між стагодзьдзя камет
Ён ня спалены лоўж –
Скрыжаваў свой завет
Папярок і ўздоўж.
Прытуліў да сябе
Горам стомлены люд –
Абвяшчаў аб вясьне
Абяцаў зь неба цуд.
Зломак мокры расой,
Сымбаль новага дня –
Па-над грэшнай зямлёй,
Як крыніца сьвятла.
І на прысьвятак дня,
Што завецца Вялік –
Сонцам зьзяе зямля,
Змрок зласьнеючы зьнік.
Цудоўна.
Цудоўна.
Дзякую.
Дзякую.