На той зямлі, дзе ў зорны час
Пакінуты маленства вёслы,
Каторы год без нас, без нас
Па колкіх броўках ходзяць вёсны.
У вольных вольхах зноў і зноў
Цвітуць ясноткі і таўкачыкі.
За табунамі туманоў
У асацэ нясуцца качкі.
Мы —
ці даруюць нам палі? —
Зрасліся з горадам, як з ценем,
I часта — парасткі зямлі —
He тое робім, што хацелі б.
Ды помніць сэрца плыт і плуг,
Высокі жнівень, свет пясчаны...
Сячы ж аб дом —
па шклу, па тлу —
Вясновы лівень ачышчальны!