О, мой народ, рассечаны на часткі!
Як жа твае ўсе долечкі зляпіць?
Як выцягнуць цябе з памежнай пасткі?
Як аб’яднаць, каб мог ты ў ладе жыць?
Каб моцны быў, бо ў аб’яднанні сіла!
Каб розум меў жывы, свабодны, свой!
І за зямлю, дзе маці нарадзіла -
Стаяў з братамі й сёстрамі гарой.
О, мой народ! Руплівы, працавіты!
Чым твае раны ў сэрцы загаіць?
Пад розным сцягам розным кіем біты,
Але нічым свабоды дух не збіць.
О, мой народ! Твой час настане! Веру,
Калі на свеце будуць даражыць
Не ўладамі, не грошмі, не паперай —
Святлом вачэй, што ў полымі дрыжыць.
Гаворкай той, што маці размаўляла,
Кашуляй той, што бацька, дзед насіў…
Той роднасцю, што, як кулак, яднала,
Калі зацягваў раны дзевясіл.
© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2020
Свидетельство о публикации №120111506205
Дзякуй! Вельмi спадабауся
Дзякуй! Вельмi спадабауся верш. Поспехау Вам, дабра и мiра