Беларусь! Душы маёй калыска!
Возера лілейнага святла!
Да сваёй загубы гэтак блізка
Ты яшчэ ніколі не была.
I адвары доктара Скарыны
Праліліся ў чэзлую траву.
Па нябёснай прывіднай сцяжыне
Пакідае доктар Беларусь,
I за ім ідзе да зор Завальня,
Свечку захінае даланёй,
Даганяе човен старадаўні,
Што з Палесся ўзяты вышынёй.
«Нешта Продкаў Шлях аж слепіць
вока», —
Здзівіцца забыты дзецьмі дзед,
I душа старэчая з палёгкай
Адляціць за позіркам услед.
А сцяжына белая танчэе,
I па ёй — як па лязу — у жыцці
Ўсмешлівы апостал Караткевіч
З вогненнай вадой нясе пацір.
Шлях растаў — і велічныя цені
Па-за нашым позіркам плывуць...
Дождж пайшоў.
Ці смерць, ці бласлаўленне
Кроплі срэбнавокія нясуць?
Верш цудоўны. І бязважкі, і
Верш цудоўны. І бязважкі, і лёгка чытаецца! Пры такой сур ёзнай тэме. Дзякую.